У Пінску канкурэнты "замовілі" кіроўцу маршрутнага таксі
Аднак у выніку нападу мужчына выжыў і нават здолеў выклікаць міліцыю.
Як піша газета "Вечерний Брест", няўдалая спроба забойства адбылася яшчэ 24 лютага. У "маршрутцы" на кіроўцу напаў адзін з пасажыраў. Невядомы ўдарыў яго адвёрткай у шыю. Аднак рана была не смяротнай. Нападнік паўтарыў удар, але паранены кіроўца аказаў супраціў. Убачыўшы, што выканаць задуманае не атрымаецца, пасажыр збег з месца здарэння.
Ужо праз дзесяць хвілін нападніка па прыкметах затрымалі супрацоўнікі Пінскага АМАПу.
Падчас следства 22-гадовы падазраваны прызнаўся, што дзейнічаў "па замове". "Паслугамі" раней судзімага пінчука нібыта скарыстаўся яго знаёмы, 52-гадовы жыхар Пінску.
Крыху падрабязнасцяў гэтай справы дадае auto.onliner.by, куды звярнуўся чытач з Пінску. Паводле яго, прычынай здарэння стала канкурэтная барацьба паміж рознымі фірмамі-аўтаперавозчыкамі. Ахвярай стаў кіроўца з фірмы, якая працавала па паніжаных коштах.
Фота — operkor.wordpress.com