У Пінску знік цукар
Некалькі тыдняў сталіца Палесся поўніцца чуткамі аб значным падаражэнні салодкага пяску.
Меркаваныя кошты вагаюцца ад 7 да 9 тысяч рублёў. Збянтэжаныя пінчукі кінуліся ў крамы па цукар, і ў выніку яго не стала. Напрыклад учора, увечары, у супермаркеце “Алмі” засталося толькі некалькі пакункаў зафарбаванага рафінаду. Па словах прадавачак, новага завозу не будзе да панядзелка.
А ў краме па плошчы Леніна цукар прадаваўся толькі разважаны і не больш за 5 кілаграмаў у адны рукі. Прычым рабілася гэта неяк дзіўна: цукар па замове фасавалі па-за зачыненымі дзвярыма падсобнага памяшкання, а потым выносілі да пакупніка. То бок дэфіцытнага тавару не было на паліцах, і аб парадку яго пакупкі ведалі толькі дасведчаныя людзі.