У праваслаўных — Дабравешчанне

Згодна з Евангеллем, архангел Гаўрыіл абвясціў Панне Марыі, што яна народзіць Божага Сына Ісуса.
Мяркуецца, што свята Дабравешчання было заснавана апосталамі і такую назву яго атрымала прыкладна ў ІV стагоддзі. Да гэтага свята называлі па-рознаму: Зачацце Хрыста, Пачатак Выратавання, Дабравешчанне Анёла Марыі. У гэты дзень прынята звяртацца з малітвамі да Багародзіцы як заступніцы перад Богам за людзей.

У беларусаў існавала шмат народных традыцыяў і павер’яў, звязаных Дабравешчаннем, якое называюць таксама Звеставаннем. Гэты дзень апроч хрысціянскага свята адзначалі як Свята прылёту бусла. Птушку гукалі, запрашалі ў госці, ў некаторых беларускіх раёнах існаваў нават звычай выпякання пшанічных пірагоў у выглядзе бусла.

У гэты дзень забаранялася гарадзіць плот, убіваць у зямлю колле, не пачыналі сеў, не выганялі першы раз кароў, не вывозілі гной у поле. Гаспадыня падымалася раней за мужа, каб выканаць абрад “развязвання сахі”. Лічылася таксама, што жанчынам нельга на Звеставанне расчэсваць валасы.

Са святам звязана шмат прыкмет: “Дабравешчанне без ластавак – халодная вясна”, “Калі пчала не выходзіць з вулля да Дабравешчання, то будзе цёплае, ураджайнае лета, а калі пакажацца раней – то благое, беднае”.