У Расіі аднаўляецца карная псіхіатрыя?

Яўген Лабудзін вядомы як грамадзянскі актывіст і актыўны ўдзельнік руху супраць пабудовы ў Калінінградскай вобласці Балтыйскай атамнай станцыі. Пра яго распавёў ягоны сябар Міхаіл Касцяеў:

“Ёсць рашэнне суда накіраваць яго на абследаванне ў псіхіятрычную клініку на 40 дзён, хоць Яўген і прадаставіў даведку, што ён цалкам здаровы. Ёсць пастанова суда пра абследаванне. Таму ён не стаў чакаць, калі яго зачыняць, і… яго зараз шукаюць”.

Яўгена Лабудзіна спрабавалі забраць у “псіхушку” з суда першай інстанцыі ў кастрычніку. Але пратэст грамадскасці быў занадта актыўным — яго адпусцілі і далі ход касацыйнай заяве, сказаў спадар Касцяеў.

Сам Міхаіл Касцяеў цяпер знаходзіцца ў Літве. Ён звярнуўся з просьбай аб палітычным прытулку, бо лічыць,  што супраць яго “сфабрыкавалі крымінальную справу, якая ўвосень мусіла закончыцца турэмным прысудам”.