У Расіі пачалі крымінальную справу за распальванне нянавісці да неанацыстаў
Яе пачаў Следчы камітэт па Уладзімірскай вобласці Расіі.
Падазроным па справе праходзіць 27-гадовы жыхар Масквы. Як паведамляе РБК, яго падазраюць у распальванні нянавісці або варожасці па прыкмеце прыналежнасці да сацыяльнай групы.
Па версіі следства, летась 19 чэрвеня малады чалавек, які прытрымліваецца поглядаў нефармальнага руху "Антыфа", у адной з кавярняў горада Уладзімір публічна прадставіў на агляд відэаролік. У роліку, нібыта, негатыўна былі паказаныя прыхільнікі нацыяналістычных поглядаў і змяшчаўся заклік да варожых дзеянняў у адносінах да "скінхэдаў".
Паводле некаторых звестак, гаворка можа ісці пра фільм Russian Anti-Racist Skinheads ("Расійскія скінхэды-антырасісты"). У спісе экстрэмісцкіх матэрыялаў ён цяпер не значыцца.
Фота — infpol.ru