У Расіі стартавала грамадзянская кампанія "За адкрыты ўезд у Беларусі"

Падчас кампаніі яе арганізатары спадзяюцца атрымаць афіцыйны адказ ад уладаў Беларусі наконт таго, ці існуюць падобныя спісы, як у гэтыя спісы ўносяць расіян і якім чынам звычайны грамадзянін можа даведацца пра ўнясенне сябе ў гэтыя спісы.

Як прыклад яны прыводзяць інцыдэнт, што здарыўся з Андрэем Юравым, грамадзянінам Расіі, дырэктарам па развіцці Маскоўскай Хельсінкскай групы. Юраў знаходзіўся ў Беларусі ў якасці кіраўніка Міжнароднай назіральнай місіі па правах чалавека і не здзяйсняў ніякіх супрацьпраўных дзеянняў. Аднак міліцыя яго выдварыла з Беларусі, пры гэтым узгадваўся нейкі "спіс" асобаў, уезд якім у краіну забаронены.

"Сітуацыя, годная ўтапічных навэл, пры умове, што паміж Расіяй і Беларуссю няма межаў. Фактычна чалавеку прыгразілі крымінальным пераследам за перасячэнне неіснуючай мяжы і выдварылі з тэрыторыі, якая органамі ўлады прызнаецца як Саюзная дзяржава. Але самае страшнае, што ў рэальнасці ў такой сітуацыі можа апынуцца любы чалавек з Расіі, які прыехаў да сваякоў, сяброў, калег па бізнесе, або па іншых справах у Беларусь", — каментуе Дзмітрый Макараў, сябра Каардынацыйнай рады Міжнароднага праваабарончага руху, арганізацыі-ўдзельніка Камітэта міжнароднага кантролю за сітуацыяй з правамі чалавека ў Беларусі.

У межах кампаніі грамадзянам Расіі і розным арганізацыям прапануецца адпраўляць лісты — звароты ў МЗС Расіі і Амбасаду Беларусі ў Расіі. Маскоўская Хельсінкская група ўжо падрыхтавала адпаведныя лісты для высвятлення сітуацыі са "спісамі".