У рэйтынгу эканамічна свабодных краін Беларусь — 154-я
Агулам у рэйтынг эканамічна свабодных краін увайшлі 177 дзяржаваў.
Рэйтынг падрыхтаваны фондам Heritage Foundation і экспертамі Wall Street Journal.
Пры ацэнцы эканамічнай свабоды Беларусь атрымала 48 пунктаў. Лідар рэйтынгу Ганконг мае 89,3 пункта. У параўнанні з мінулым годам паказчык Беларусі пагоршыўся, адзначае БелаПАН. Цяпер яна займае перадапошняе месца ў рэйтынгу сярод еўрапейскіх краін. На апошнім месцы апынулася Украіна.
Аўтары рэйтынгу назвалі беларускую эканоміку рэпрэсіўнай з-за дзяржаўнага кантролю, які захоўваецца ў шматлікіх сферах. Таксама эксперты адзначылі дрэнную абарону ўласнасці ды высокі ўзровень карупцыі ў Беларусі.
У пяцёрку лідараў рэйтынгу ўвайшлі Ганконг, Сінгапур, Аўстралія, Новая Зеландыя і Швейцарыя. Пры складанні рэйтынгу краіны ацэньваліся па такіх паказчыках, як адкрытасць рынка, эфектыўнасць рэгулявання і выкананні заканадаўства, ступень умяшання дзяржавы ў эканоміку.
Фота — time.kg