У штаце Місісіпі толькі цяпер адмянілі рабства
Улады штата ратыфікавалі 13-ю папраўку да Канстытуцыі ЗША, якая адмяняе рабства, праз 148 гадоў пасля таго, як яе зацвердзіў Кангрэс.
Папраўка, што забараняе рабства, зацверджаная Кангрэсам ЗША у 1865 годзе. За яе прагаласавалі 27 з 36 штатаў, якія тады існавалі. Некаторыя штаты (пераважна паўднёвыя, у якіх з рабоў здзекваліся больш за ўсё) прымаць папраўку адмовіліся.
А штат Місісіпі дык і ўвогуле прагаласаваў за ратыфікацыю папраўкі толькі ў 1995 годзе. І то, наўмысна ці не, не давёў працэдуру да канца: копію дакумента, які пацвярджае вынікі галасавання, “забыліся” адправіць у Федэральны рэестр ЗША. А без гэтага папраўка не лічыцца прынятай.
Памылку заўважыў прафесар Ранджан Батра (Ranjan Batra) з Універсітэта Місісіпі. Ён настолькі ўразіўся леташнім фільмам “Лінкальн”, што вырашыў праверыць, калі кожны са штатаў прыняў 13-ю папраўку. Па выніках праверкі прафесар з калегамі нагадалі ўладам штата Місісіпі пра адмену рабства. Тым нічога не заставалася, як накіраваць дакументы ў Федэральны рэестр.
У 1860-я Місісіпі быў штатам бясконцых плантацыяў. Прыгнёту афраамерыканцаў у штаце Місісіпі прысвечаныя славутыя творы Марка Твэна і Уільяма Фолкнэра. Асноўная дзея адразу двух кінастужак 2012 года, намінаваных на “Оскар” за лепшы фільм: “Лінкальн” Стывена Спілберга і “Джанга вызвалены” Квенціна Таранціна — адбываецца якраз у рабаўладальніцкім штаце Місісіпі.