У спорткомплексе "Лагойск" будуць гнаць самагонку

Як паведамляе БЕЛТА, адпаведны дазвол атрымала кампанія "Гасцінны маёнтак", размешчаная на тэрыторыі спартовага комплексу. У сваю чаргу комплекс "Лагойск" уваходзіць у групу кампаній "Трайпл", якая належыць вядомаму бізнэсоўцу Юрыю Чыжу.

"Гасцінны маёнтак" уключылі ў спіс юрыдычных асобаў, якім дазваляецца вырабляць арыгінальныя алкагольныя напоі дзеля ўзнаўлення беларускіх нацыянальных традыцый. Як спалучаюцца паміж сабой спорт і самагонка, ва ўрадавым дакуменце не ўдакладняецца.

Раней у гэты пералік былі ўключаныя фермерская гаспадарка "Белавежтур", нацыянальны парк "Белавежская пушча", музейны комплекс "Дудуткі", кампаніі "Рэстаранны холдынг", "Гранат", агракамбінат "Дзяржынскі" і Гродзенскі мясакамбінат.