У Стакгольме пачынаецца Нобелеўскі тыдзень
У панядзелак абвесцяць прозвішча лаурэата ў галіне медыцыны.
Уладальнікаў Нобелеўскіх прэмій за 2012 год назавуць ў Стакгольме і Осла з 8 па 15 кастрычніка. Адкрые тыдзень Нобелеўскі камітэт, які 8 кастрычніка ў 12.30 назаве імёны ўладальнікаў узнагароды ў галіне медыцыны або фізіялогіі.
У аўторак і ў сераду стануць вядомыя імёны лаўрэатаў у галіне фізікі і хіміі. Дату прэзентацыі Нобелеўскага лаўрэата за 2012 год па літаратуры Шведская акадэмія, якая адказвае за гэтую працу, пакуль не назвала. Па традыцыі, яна становіцца вядомай альбо напярэдадні тыдня абвяшчэння Нобелеўскіх лаўрэатаў, альбо ў самім яго пачатку.
Працягнецца тыдзень абвяшчэння Нобелеўскіх лаўрэатаў у пятніцу ў Осла, дзе Нарвежскі Нобелеўскі камітэт назаве ўладальніка прэміі міру. Сёлета ў спісе значацца 231 кандыдатаў. Сярод іх і беларускі праваабаронца, палітвязень Алесь Бяляцкі. Завершыцца Нобелеўскі тыдзень у панядзелак 15 кастрычніка ў Стакгольме, дзе назавуць уладальніка прэміі ў галіне эканомікі.
Сума Нобелеўскай прэміі сёлета скарочаная на 20% - да 1,1 мільёна долараў, каб пазбегнуць дэстабілізацыі фінансавага фонду, з якога адбываюцца выплаты. Нобелеўскія прэміі ўручаюцца з 1901 года і за мінулы час іх атрымалі 853 лаўрэата, сярод якіх даследчыкі, грамадскія дзеячы і арганізацыі.