Лекары не знайшлі падставаў для шпіталізацыі Сяргея Каваленкі
Іх выклікала яго жонка Алена. Перад гэтым Сяргей заявіў хадайніцтва, каб яго агледзелі медыкі.
Каваленка сказаў, што ў яго дыстрафія, за час галадоўкі ён згубіў 25 кілаграмаў вагі. На час агляду ўсім прысутным загадалі выйсці ў калідор. Аднак шпіталізаваць Каваленку лекары адмовіліся.
Нагадаем, у судзе Першамайскага раёну Віцебска праходзіць суд над актывістам КХП БНФ Сяргеем Каваленкам. Яго абвінавачваюць у неаднаразовым парушэнні рэжыма адбыцця "хатняй хіміі" (яе яму прысудзілі за вывешаны два гады таму ў Віцебску на галоўнай ёлцы горада бел-чырвона-белы сцяг). Сёння Сяргей заявіў, што ён галадае 15 дзён, у апошнія тры дні трымае сухую галадоўку.