У судзе працягваюцца допыты мінскіх чыноўнікаў
У якасці сведак.
22 снежня ў Мінскім абласным судзе працягваецца допыт сведак па справе былога першага намесніка старшыні сталічнага гарвыканкама Ігара Васільева. Ён абвінавачваецца ў атрыманні хабару ў асабліва буйным памеры.
Нагадаем, Васільеў быў затрыманы ў службовым кабінеце супрацоўнікамі КДБ сёлета ў ліпені па падазрэнні ў вымаганні хабару ў 500 тысяч долараў у прадстаўнікоў чэшскага інвестара за спрыяльнае вырашэнне пытання з заключэннем інвестыцыйнай дамовы на будаўніцтва пад Мінскам (смеццеперапрацоўчага завода, кошт праекта — каля 30 млн. долараў).
Сёння ў судзе ў якасці сведкі была дапытана першы намеснік кіраўніка камітэта па эканоміцы Мінгарвыканкама Таццяна Краўчанка. З паказанняў вынікае, што яна не памятае і не ведае, чаму ў дакументах, матэрыялах следства і паказаннях сведак разыходзяцца даты падпісання інвестыцыйнай дамовы.
Як адзначае БелаПАН, подпіс пад дакументам з беларускага боку паставіў старшыня Мінскага гарвыканкама Мікалай Ладуцька.