У судзе выступіла сястра Уладзіслава Кавалёва
Дзяўчына распавяла, што маці не ўхваляла яго сяброўства з Дзмітрыем Канавалавым.
Сястра Кавалёва прыгадала, што ў іх раёне некалі згарэў аўтамабіль, які стаяў без нагляду. Вялікага значэння гэтаму дзяўчына тады не надавала. Па яе словах, у раёне кожны трэці — алкаголік, так што адбыцца можа ўсё што заўгодна.
Падпал гэтага аўтамабіля — адзін з віцебскіх эпізодаў, у якіх абвінавачваюць Канавалава. Гэты выпадак адбыўся ў першай палове 2000-х гадоў.
Віцебскі выратавальнік распавёў, як ён гасіў пажар у шапіку "Белсаюздруку" ў 2004 годзе. Падпалены шапік знаходзіўся ў раёне, дзе жыў Канавалаў, адзначае БЕЛТА.
Сусед Кавалёва Павел расказаў пра выпадак з расцяжкай, які ўжо згадваўся ў судзе. Па яго словах, іх кампанія з трох чалавек (у тым ліку і Кавалёў) наступіла на гэтую расцяжку. Кавалёў пабег на гару, якая была побач і дзе сядзелі некалькі чалавек. Вярнуўшыся, Уладзіслаў сказаў, што гэта "яго знаёмыя пажартавалі".
Сёння падчас допыту сведак суддзя Аляксандр Федарцоў зрабіў заўвагу адвакату Станіславу Абразею, які абараняе Кавалёва. Суддзя папрасіў, каб адвакат не задаваў рытарычных пытанняў, якія ўтрымоўваюць адказы, а толькі задаваў пытанні.