У цэнтры Брэста згарэў прыватны дом
Здарэнне адбылося ў ноч на пятніцу, 6 красавіка. Агонь знішчыў дом на вуліцы Астроўскага, прызначаны пад знос.
Гэта квартал яшчэ “польскай” забудовы, дамы стаяць шчытна. Прынамсі, пажар пагражаў дому, з якім у яго сумежная сцяна. Жыхароў паднялі а другой гадзіны начы. Яны былі сведкамі тушэння агню.
Пажар гасілі двойчы, распавёў малады жыхар суседняга дома. Першы аўтамабіль прыехаў без вады. Другі прыезд быў больш эфектыўны, але драўляны дом пралілі слаба, і а чацвёртай ён зноў загарэўся.
Пажарныя патлумачылі, што не ўдалося адразу знайсці паблізу спраўны гідрант. Прычынай пажару, найхутчэй, была неасцярожнасць пры паленні цыгарэт: у выселеных дамах гэтага раёна зазвычай начуюць бамжы. Вядзецца праверка.
