У Варшаве прэзентуюць гульню “Паўстанцы”
Мерапрыемства пройдзе 13 красавіка ў Collegium Civitas (Палац Культуры, 12 паверх). Пачатак а 18.00.
Арганізатарам сустрэчы выступіла “Беларуская Нацыянальная Памяць”. На прэзентацыі будуць прысутнічаць стваральнікі гульні: паэт Антон Янкоўскі і дызайнер Настасся Лукашова.
Удзельнікі сустрэчы пачуюць падрабязны аповед пра cтварэнне гульні, будуць мець магчымасць упершыню пагуляць і набыць яе для ўласнага карыстання.
“Паўстанцы” — першая беларуская настольная гульня, у якой яе ўдзельнікі могуць паглыбіцца ў атмасферу 1863 года і зрабіцца знакамітай гістарычнай асобай (Каліноўскім, Урублеўскім, Мураўёвым) або простым беларусам і ўплываць на ход паўстання.
Гульня пабудаваная найперш на зносінах паміж людзьмі. Падманваць, хлусіць, па-майстэрску блытаць прысутных і бязлітасна забіваць суперніка — права кожнага. Удзел у гульні могуць браць ад 6 да 20 чалавек.