У Вільні прайшло шэсце ў гонар Каліноўскага (фота)

Пачаўся ён з паніхіды за душу Кастуся Каліноўскага ў храме Святой Троіцы. Пазней ля памятнага крыжа на Лукішскім пляцы перад удзельнікамі акцыі выступілі яе арганізатары — кіраўнік “Беларускай нацыянальнай памяці” Анатоль Міхнавец і старшыня “Таварыства беларускай культуры Летувы” Хведар Нюнька, а таксама Людвіка Кардзіс і Міхась Башура.

У сваіх выступах яны ўзгадалі пра паўстанцаў і заклікалі не забываць іх у такія знакавыя даты. Удзельнікі акцыі ўшанавалі хвілінай маўчання памяць Кастуся Каліноўскага і ўсіх паўстанцаў. Да крыжа на пляцы былі ўскладзеныя кветкі і знічы.

Пасля гэтага быў разгорнуты вялікі бел-чырвона-белы сцяг і калона рушыла праз цэнтр горада на гару Гедыміна, дзе, магчыма, знаходзіцца цела Каліноўскага. Там беларусы на заканчэнне мерапрыемства праспявалі гімн “Магутны Божа”.

Нагадаем, што Кастусь Каліноўскі быў пакараны смерцю на Лукішскім пляцы 22 сакавіка 1864 года.

Ад 2010 года ў Вільні праводзіцца Дзень памяці беларускага героя.