У Віцебску навучаць распісваць вінілавых цацак
Выстава вінілавых цацак адкрылася ў віцебскай Музычнай гасцёўні.
У Беларусі гэты від мастацтва, які завецца Urban Vinyl, яшчэ не набыў асаблівай папулярнасці, але ў многіх краінах размаляваныя вінілавыя фігуркі цэняцца як арт-аб’екты і прадметы калекцыянавання.
Сёння, 15 кастрычніка, мастакі Яўген Ковек і Павел Лукашэвіч дадуць ўсім жадаючым майстар-клас па размалёўцы вініла. Размаляваных лялек можна будзе адправіць на конкурс, вынікі якога падвядуць 31 кастрычніка ў сталічнай галерэі “Ў”. Выстава, якую прывезлі ў Віцебск, складаецца часткова з твораў беларускіх дызайнераў, а часткова — з цацак, што былі распісаны падчас такога ж майстар-класа ў Гомелі.
Арганізатары праекта лічаць сваёй мэтай папулярызацыю Urban Vinyl і стварэнне арыгінальнай беларускай школы размалёўвання вінілавых цацак.
“Вінілавая цацка, уся цікавасць у тым, што можа займацца ёй любы. Размалёўка, дэкараванне — з ёй можна рабіць усё што заўгодна. Стылістыка працы любая, форма — абсалютна, мы адкрытыя для прапановаў, гэтая выстава закліканая да таго каб людзі сапраўды натхняліся. Хочацца дапамагчы беларускаму дызайну, сучаснаму мастацтву, стрыт-арт мастацтву падцягнуцца трошачку вышэй, трошачку хаця б!” — распавёў Еўрарадыё Сяргей, адзін з арганізатараў праекту.


