У выніку двайнога тэракту ў Осла загінула сама меней 87 чалавек

Дзясяткі чалавек атрымалі раненні. У паліцыі не выключаюць, што колькасць ахвяраў можа ўзрасці, перадаюць інфармацыйныя агенцтвы. Усяго ў летніку нарвежскай Працоўнай партыі знаходзілася каля 700 чалавек.

Нагадаем, што 22 ліпеня ўдзень ля комплексу ўрадавых будынкаў у цэнтры Осла адбыўся выбух. У адным з будынкаў месціцца канцылярыя прэм’ер-міністра Нарвегіі Йенса Столтэнбэрга, лідара Працоўнай партыі. Кіраўнік урада ды іншыя чыноўнікі не пацярпелі. Праз некалькі гадзінаў мужчына ў паліцэйскай форме адкрыў агонь у моладзевым летніку на выспе Утоя пад Осла.

Падазраванага ў страляліне затрымалі. Паліцыя заявіла, што ён несумненна звязаны з выбухам у цэнтры сталіцы. Пакуль ніхто афіцыйна не ўзяў на сябе адказнасць за тэракт. Між тым нарвежскія праваахоўнікі не звязваюць абодва інцыдэнты з міжнароднымі тэрарыстычнымі арганізацыямі. Затое яны заяўляюць, што затрыманы меў сувязі з правым экстрэмізмам. А кіруючая Працоўная партыя прадстаўляе левыя палітычныя сілы.

Некаторыя СМІ называюць імя арыштаванага і публікуюць яго фатаграфію, аднак паліцыя не пацвярджае яго асобу.