Уга Чавес зноў хворы на рак?
Прэзідэнт Венесуэлы паляціць на Кубу на новую аперацыю па выдаленні пухліны.
Летась яму ўжо рабілі падобную аперацыю. Таксама на Кубе Чавес прайшоў курс хіміятэрапіі. Венесуэльскі парламент дазволіў яму з’ехаць з краіны на пяць дзён. Прэзідэнт заявіў, што пухліна, верагодна, злаякасная і папярэдзіў, што яму давядзецца знізіць нагрузку на працы ў перыяд перад выбарамі, інфармуе Радыё Свабода.
Раней ён сцвярджаў, што цалкам вылекаваўся ад хваробы, і абвяргаў чуткі аб дрэнным стане свайго здароўя.
Уга Чавес называе сябе асабістым сябрам і “братам па зброі” Аляксандра Лукашэнкі. Цягам апошніх пяці год Каракас і Мінск развілі маштабнае супрацоўніцтва — Венесуэла ўвайшла ў дзясятку найбуйнейшых гандлёвых партнёраў Беларусі.
Беларуска-вэнэсуэльскія праекты вызначаюцца надзвычайнай закрытасцю і неаднаразова апыналіся ў цэнтры карупцыйных скандалаў.