Украіна будзе назіральніцай у Мытным саюзе
Пра гэта заявіў украінскі прэм'ер Мікалай Азараў на сустрэчы з прадстаўнікамі СМІ.
Па яго словах, якія перадае РІА "Новости", рашэнне ўжо прынятае, і гаворка ідзе толькі пра тэхнічныя фармулёўкі. Чыноўнік дадаў, што адбыліся сустрэчы з прадстаўнікамі Казахстана і Беларусі, і цяпер ідзе адпрацоўка тэхнічных момантаў.
Ва ўкраінскім урадзе створаная працоўная група па падрыхтоўцы дакументаў, якія павінны быць падпісаныя прэзідэнтамі.
Падпісанне дакументаў пра статус Украіны як назіральніцы ў Мытным саюзе плануецца ў канцы траўня на сустрэчы прэзідэнтаў.
Нагадаем, што ў Мытны саюз уваходзяць Беларусь, Казахстан і Расія.
Нагадаем, што Украіна збіраецца падпісаць дамову пра асацыяцыю з Еўрасаюзам, што дазволіць ёй стварыць зону вольнага гандлю з ЕС. Еўрасаюз пратэстуе супраць таго, каб Украіна адначасова ўваходзіла ў Мытны саюз. Дыскусіі паміж Брусэлем і Кіевам на гэты конт цягнуцца ўжо больш за год.
Фота — ria.ru