Украіна хоча атрымаць ад Беларусі гарантыі

Каб сказаць канчатковае "так" венесуэльскай нафце, Украіна хацела б атрымаць пэўныя гарантыі ад Беларусі. Па-першае, стабільныя аб'ёмы паставак — прыкладна 10 мільёнаў тон на год у сярэднетэрміновай перспектыве, стабільныя разлікі за транспарціроўку і высокая якасць нафты.

Зараз Беларусь і Украіна абмяркоўваюць адразу два варыянты пастаўкі венесуэльскай нафты на беларускія НПЗ — праз буйнейшыя марскія гандлёвыя порты на Чорным моры — Адэскі порт і порт "Паўднёвы". Порты, зразумела, дзяржаўныя, але портавая лагістыка знаходзіцца ў прыватных руках. Прычым, абодва перавалачныя вузлы належаць вядомаму украінскаму мільярдэру Ігару Каламойскаму, бізнес якога прадстаўлены ў найбольш прыбытковых сферах украінскай эканомікі — фінансавай, нафтахімічнай, горнаметалургічнай, медыйнай і нават футбольнай.

Дзякуючы палітычным сувязям з папярэдняй уладай у асобе Юліі Цімашэнкі, менеджмент Ігара Каламойскага быў шырока запатрабаваны па кожным напрамку дзяржаўнага кіравання, у тым ліку і ў кіруючым складзе НАК "Нафтагаз Украіны", марскіх партоў і гэтак далей. Але разам з новай уладай змяніліся і менеджэры…   

Зразумела, для Беларусі ажыццяўленне нафтавых паставак праз порт "Паўднёвы" прынясе найменш выдаткаў, бо гэтая схема прадугледжвае далейшую транспарціроўку на Мазырскі нафтаперапрацоўчы завод нафтаправодам "Адэса-Броды". Як стала вядома Еўрарадыё, у адказ на такую прапанову "Укртранснафта", якая з'яўляецца кампаніяй-аператарам нафтатранспартнай сістэмы Ўкраіны, нагадала беларускаму боку, што цяпер нафтаправод "Адэса-Броды" выкарыстоўваецца ў рэверсным рэжыме за кантрактам з АК "Транснафта" для паставак расійскай нафты гатунку Urals у напрамку порта "Паўднёвы", а не наадварот.  

Пры гэтым, падкрэслівае Ўкраіна, нягледзячы на тэхналагічныя мажлівасці аверснага выкарыстання нафтаправоду "неабходна зрабіць рэканструкцыю вузлоў падключэння нафтаперакачвальных станцый па маршруце "Мазыр-Броды-1". Разам з тым, украінскі бок запэўнівае, што работы можна правесці дастаткова хутка і ўкласціся ў 45 дзён, а каштаваць яны будуць прыкладна 200 тысяч долараў. Праўда, невядомым пакуль застаецца, хто будзе фінансаваць гэтую рэканструкцыю.

Магчыма, таму Ўкраіна патрабуе гарантый. І відавочна, што без пацвярджэння павелічэння аб'ёмаў пастаўкі нафты з Венесуэлы да 10 мільёнаў тон на год, гэты маршрут транспарціроўкі — нафтаправодам "Адэса-Броды" — Украіна пакуль аб'ектыўна не разглядае: як вядома, Беларусь плануе да красавіка 2011 года закупіць у Венесуэлы да 4 мільёнаў тон нафты гатунку "Санта Барбара".

Адначасова Ўкраіне неабходна захаваць магчымасць транспарціроўкі па нафтатранспартнай сістэме "Дружба" на ўзроўні не менш за 17,5 мільёнаў тон расійскай нафты ў напрамку Венгрыі, Славакіі і Чэхіі.

Так што пакуль, падобна, не менш чым на год, адзінай магчымасцю пастаўкі венесуэльскай нафты на беларускія НПЗ застаецца Адэскі порт з далейшай транспарціроўкай трубаправодам да Крэменчуга, а адтуль — чыгуначным транспартам у Беларусь. Дарэчы, Крэменчугскі нафтаперапрацоўчы завод таксама знаходзіцца пад камерцыйным кантролем Ігара Каламойскага, хаця літаральна на пачатку красавіка новы ўрад распачаў судовую працэдуру вяртання прадпрыемства ў дзяржаўную ўласнасць.

Як сцвярджаюць украінскія эксперты, робіцца гэта, каб пасля "аднавіць справядлівасць" на карысць расійскай "Татнафты", якая лічыць, што група Ігара Каламойскага незаконна стала ўласнікам акцый Крэменчугскага НПЗ. Такі крок новай улады спецыялісты лічаць пэўнай гарантыяй паспяховасці перамоваў з Расіяй пра зніжэнне тарыфаў на прыродны газ для Ўкраіны.

Фота — smnpk.ru