Улады Літвы абвяргаюць Мінэнерга Беларусі

Гаворка ідзе пра распаўсюджаную БЕЛТА інфармацыю пра тое, што Літва, нібыта, не мае прэтэнзій да Ацэнкі ўздзеяння на навакольнае асяроддзе (АУНА) будучай АЭС у Беларусі, паведамляе ІА REGNUM.

Літоўскае міністэрства сцвярджае, што заявы намесніка энергетыкі Беларусі Міхаіла Міхадзюка, якія цытуе агенцтва БЕЛТА, "не адпавядаюць рэчаіснасці". "Літва дагэтуль не ўхваліла справаздачу АУНА. Літва так і не атрымала адказаў на пытанні наконт крытэраў выбару пляцоўкі ў Астраўцы, які знаходзіцца ўсяго ў 50 км ад Вільні, а таксама праўдзівасці высноваў, прадстаўленых у АУНА", — адзначаецца ў абвяржэнні.

Нагадаем, Міхадзюк, распавядаючы сёння пра планы будаўніцтва АЭС у Гродзенскай вобласці, адзначыў, што афіцыйны Мінск выконвае патрабаванні МАГАТЭ, "завяршыў абмеркаванне справаздачы аб АУНА з Літвой і мае цвёрды намер рэалізоўваць праект будаўніцтва АЭС, нягледзячы на пратэсты эколагаў".