Уладзімір Крыкуноў узначаліў "Ак Барс"
Найбольш верагодны кандыдат на пасаду трэнера зборнай Беларусі па хакеі падпісаў з казанскім клубам кантракт на 3 гады.
Уладзімір Крыкуноў застаецца працаваць у Татарстане. У панядзелак з ніжнекамскага "Нафтахіміка" ён перайшоў у казанскі "Ак Барс".
Кантракт паміж Крыкуновым і "барсамі" падпісаны на 3 гады. Трэнер падпісаў яго 27 чэрвеня ў Альмеццеўску, дзе месціцца штаб-кватэра "Татнафты" — галоўнага спонсара "Ак Барс", паведамляе "Газета.Ру".
На чале казанскай каманды Ўладзімір Крыкуноў змяніў Зінэтулу Білялетдзінава, які, у сваю чаргу, пайшоў на падвышэнне і стаў галоўным трэнерам хакейнай зборнай Расіі.
У інтэрв'ю Еўрарадыё Крыкуноў казаў, што не супраць сумяшчаць трэнерскую працу ў клубе з падрыхтоўкай нацыянальнай зборнай Беларусі. Цяпер справа за Федэрацыяй хакея Беларусі, якая мусіць упэўніць кіраўніцтва "Ак Барса" адпусціць спецыяліста працаваць у Беларусь.
У Казань Уладзімір Крыкуноў пераедзе прыкладна праз 3 тыдні, калі "барсы" выйдуць з летняга адпачынку.