Урад зацвердзіў праграму развіцця вышэйшай адукацыі
Дзяржаўная праграма разлічаная на 2011-2015 гады.
Асноўная мэта праграмы — павысіць якасць падрыхтоўкі спецыялістаў у адпаведнасці са стратэгіяй сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны. Дакумент таксама скіраваны на развіццё вышэйшай адукацыі ў Беларусі “як часткі еўрапейскай адукацыйнай сістэмы”. Прадугледжваецца ўдасканаленне зместу адукацыйных праграм, павышэнне кваліфікацыі прафесарска-выкладчыцкага складу. Праграма мае на мэце эфектыўна ўзаемадзейнічаць з рэальным сектарам эканомікі ды істотна паляпшаць матэрыяльна-тэхнічную базу ВНУ.
Плануецца за пяцігодку падрыхтаваць за кошт бюджэтных сродкаў болей за 147 тысяч спецыялістаў з вышэйшай адукацыяй і 9 тысяч магістраў. Іх разглядаюць як кадравы патэнцыял інавацыйнага развіцця эканомікі і сацыяльнай сферы.
У праграме таксама прапісана будаўніцтва новых вучэбных лабараторый і спартовых збудаванняў, узвядзенне студэнцкіх інтэрнатаў, паведамляе БелаПАН са спасылкай на прэс-службу беларускага ўрада.