Ураган “Нема” ў Паўночнай Амерыцы забіў ужо 13 чалавек (фота)
Без святла і цяпла засталіся 700 тысяч чалавек.
Камунальныя службы ЗША і Канады, а таксама ратавальнікі займаюцца ліквідацыяй наступстваў магутнай снежнай буры. Паводле амерыканскіх СМІ, па стане на 9 лютага вядома пра сама меней 13 ахвяраў стыхіі. Паведамленні пра загінулых паступілі са штатаў Канэкцікут, Масачусэтс, Нью-Гэмпшыр, Нью-Ёрк, а таксама з Канады. У большасці выпадкаў людзі гінулі ў выніку ДТЗ, звязаных са складанымі ўмовамі надвор’я. Хуткасць ветру часам перавышала 120 км/г.
Паводле ацэнак уладаў ЗША і Канады, гаворка ідзе пра наймагутнейшы снежны буран за апошнія 35 гадоў.
Было адменена каля 6000 міжнародных і ўнутраных авіярэйсаў. Цяпер авіязносіны паступова аднаўляюцца, і самалёты пачынаюць курсіраваць у звыклым рэжыме.
Напярэдадні ў пяці штатах ЗША ўвялі рэжым надзвычайнага становішча.









