Саша Варламаў: я не займаўся фінансавымі пытаннямі
На паседжанні 7 лютага абвінавачаны мадэльер расказваў пра замежныя паездкі работнікаў свайго агенцтва.
Саша Варламаў распавядаў пра паездкі ў Літву, Аўстрыю, Чэхію, Данію. Іспанію. Мадэльер кажа, што вырашаў асноўныя пытанні, а фінансавымі і тэхнічнымі аспектамі займаліся іншыя супрацоўнікі, перадае Радыё "Свабода".
Па словах мадэльера, да арганізацыі некаторых паказаў спрычыніліся беларускія амбасады за мяжой. Так, амбасадар Сянько ў 2010-м дапамагаў у Брусэлі.
У адказ на фінансавыя абвінавачанні Варламаў кажа, што ніякіх грошай не пакідаў сабе, а выкарыстоўваў для арганізацыі паказаў: "Я як у 1984 годзе ўехаў у маленькую кватэру на Асаналіева, гэтак і жыву там. Толькі апошнія два гады ў СІЗА".
Калі пракурор абурыўся тым, што мадэльер доўга адказвае на адно пытанне, а не пераходзіць да другога, той расперажываўся і папрасіў прабачэння: "А каму мне яшчэ паплакацца, як не вам..."