Васьміног Пауль адмовіўся прадказваць вынікі выбараў у Беларусі

Пасля чэмпіянату свету па футболе, які прынёс славу васьміногу-аракулу Паулю, Еўрарадыё вырашыла звярнуцца да прадказальніка з просьбай паваражыць на прэзідэнцкіх выбарах у Беларусі. Аднак называць імя будучага кіраўніка нашай краіны ён не ўзяўся. Праўда, такое рашэнне за васьмінога прыняло кіраўніцтва акіянарыума ў Аберхаўзене, распавяла Еўрарадыё намесніца па кадрах Анна Потман. 
Анна Потман: “Пауль не будзе рабіць ніякіх палітычных прадказанняў!”.
Некалькі дзён таму з “палітычнай” просьбай да Пауля звярнулася і расійская “Камсамолка”. Карэспандэнт газеты прыхіліў да шкла два фотаздымкі – Уладзіміра Пуціна і Дзмітрыя Мядзведзева. Па словах журналіста, Пауль шчупальцам выбраў адзін з іх. Які – пакуль таямніца, бо картку з прозвішчам “будучага прэзідэнта” Расіі ў рэдакцыі прыхавалі да 2012 года.
Аднак супрацоўніца прэс-службы акіянарыума Кэрстын Кюэн распавяла Еўрарадыё, што гэта хутчэй свавольства, чым афіцыйнае прадказанне. 
Кэрстын Кюэн: “Не, Пауль не рабіў гэтага. Я цалкам упэўнена, што ён гэтага не прадказваў. Пауль не будзе нічога прадказваць акрамя футбола”. 
Тым не менш штотыдзень у акіянарыум Аберхаўзена прыходзяць тысячы лістоў з просьбамі да Пауля. Спецыялісты па маркетынгу прапануюць яму кар’еру ў галіне рэкламы. На тэлеэкране ён мог бы, напрыклад, выбіраць паміж маркамі-канкурэнтамі: той жа Кока-колай і Пэпсі, і зарабіць такім чынам некалькі мільёнаў долараў. Адзіная праблема ў тым, што Паулю засталося жыць усяго 6 месяцаў. Васьміногі яго віду жывуць да 3 гадоў.
Нагадаем, Пауль прадказаў усе гульні нямецкай зборнай, а таксама дакладна назваў імя будучага чэмпіёна свету.