Венесуэла абірае прэзідэнта
Выбары могуць стаць самымі непрадказальнымі з таго часу, як да ўлады ў краіне прыйшоў Уга Чавес.
Дзеючы прэзідэнт Чавес, якога ўпершыню абралі на гэтую пасаду ў 1998 годзе, хоча застацца на чацвёрты тэрмін. Яго мэта — працягнуць “сацыялістычную рэвалюцыю” ў сваёй краіне. Раней ён лёгка перамагаў на выбарах.
Аднак цяпер яму можа скласці сур’ёзную канкурэнцыю Энрыке Капрылес, якога падтрымліваюць 30 апазіцыйных партый. Капрылес абяцае выбаршчыкам аднаўленне эканамічнага росту краіны.
Для падтрымання парадку на выбарчыя ўчасткі ўжо накіравана амаль 100 тысяч салдат. Чакаецца, што вынікі выбараў будуць вядомыя ўжо ў панядзелак зранку.
Уга Чавесу сёлета споўнілася 58 гадоў. Яго палітычная кар’ера пачалася ў 1992 годзе, калі ён удзельнічаў у няўдалай спробе дзяржаўнага перавароту. У лютым 1992 года Чавес вывеў на вуліцы Каракаса войскі. Аднак вярхоўнае камандаванне перайшло на бок уладаў і мяцеж быў падаўлены. Чавес здаўся, пасля чаго яго пасадзілі ў турму. У 1994 годзе ён быў памілаваны прэзідэнтам Рафаэлем Кальдэра. Адразу пасля вызвалення стварыў свой “Рух V рэспубліка”, завязаў палітычныя сувязі на Кубе, захапляўся ідэямі тагачаснага лівійскага лідара Муамара Кадафі. Пазней, у 2004 годзе Чавесу ўручылі Міжнародную прэмію імя Кадафі за абарону правоў чалавека.
У 1998 годзе Чавес стаў прэзідэнтам Венесуэлы, аднак яго партыя не мела большасці ў парламенце. У 2000 годзе была прынятая новая канстытуцыя краіны, пасля чаго прайшлі новыя прэзідэнцкія і парламенцкія выбары. Цяпер у парламенце ў большасці была партыя Чавеса. У 2002 годзе ў Венесуэле была здзейсненая спроба звяржэння ўлады, аднак Чавес здолеў падавіць паўстанне.
Летам 2011 года венесуэльскі прэзідэнт перанёс дзве аперацыі — у яго знайшлі злаякасныя пухліны. Ён таксама прайшоў чатыры курсы хіміятэрапіі на Кубе. У пачатку 2012 года Чавесу зрабілі трэцюю аперацыю і ён некалькі месяцаў праходзіў спецыяльнае лекаванне. Прэзідэнт заяўляе, што цяпер цалкам здаровы.
Яго канкурэнту Энрыке Капрылесу 40 гадоў, ён юрыст па адукацыі і мае досвед кіравання — з 2000 па 2008 год быў мэрам Баруты, муніцыпалітэта Каракаса. У 2008 годзе ён вылучыў сваю кандыдатуру на пасаду губернатара штата Міранды. У лістападзе таго ж году стаў губернатарам.
Капрылес называе сябе рэальнай альтэрнатывай аўтарытарнаму рэжыму Чавеса. Ён крытыкуе эканамічную палітыку дзеючага прэзідэнта, абяцае новыя працоўныя месцы, будаўніцтва новых дарог і школ.
30 верасня ў часе перадвыбарчага мітынгу прыхільнікаў Капрылеса адбыўся інцыдэнт — застрэлілі двух апазіцыйных палітыкаў. Адзін з загінулых, Гісон Валеро, з’яўляўся актывістам партыі “Справядлівасць вышэй за ўсё”, другі, Амар Фернандэс, падтрымліваў апазіцыю ў якасці незалежнага палітыка.
Са словаў паплечнікаў, узброеныя людзі адкрылі па іх агонь з аўтафургону. Некаторыя сведкі сцвярджаюць, што аўтамашына належала дзяржаўнай нафтавай кампаніі.