“Віагра” цяпер толькі па рэцэпце
Каб атрымаць таблеткі для патэнцыі, давядзецца звяртацца да ўролага.
“А зараз пайшлі праверкі. Нават да занясення ў ліцэнзію. Таму… Па правілах – па рэцэпце”, – кажуць у сталічнай аптэцы нумар 12. Як даведалася Еўрарадыё, “Віагру” ўнеслі ў спіс лекаў, якія адпускаюцца выключна па рэцэпце, яшчэ ў красавіку. Аднак дагэтуль аптэкі на правіла глядзелі скрозь пальцы.
Арыгінальная пфайзераўская “Віагра” – задавальненне нятаннае. У Мінску пакунак з чатырох таблетак каштуе ў сярэднім 250 тысяч. Ці могуць сабе беларусы дазволіць такі патрэбны многім сродак?
“Набываюць! І “Віасіл” беларускі набываюць. У каго якія грошы ёсць. Там вялікая група такіх прэпаратаў. І беларускія, і расійскія, і індыйскія, і арыгінальныя. Усё нармальна разыходзіцца. І “Віагра” ў сувязі з коштамі, і беларускі “Віасіл”, – супакойваюць фармацэўты.
Беларускі прэпарат амаль у пяць разоў таннейшы. Чатыры таблеткі каштуюць усяго 56 тысяч. Магчыма, беларусы цяпер набываюць “Віагры” больш, спрабуючы зняць напружанне, выкліканае неспрыяльнай сацыяльна-эканамічнай сітуацыяй?
“Я не магу сказаць, што продажы “Віагры” павялічыліся. Звычайныя. Натуральна, калі хто бачыць, што тут ёсць па старых коштах, то могуць і больш набыць. Калі набывалі адну таблетку, то набудуць дзве. Але так, увогуле, то продажы не павялічыліся”, – расказваюць у аптэцы.
Каб атрымаць рэцэпт на “Віагру” давядзецца запісацца ў паліклініку на прыём да ўролага. Што праўда, ён можа вас развярнуць і пакінуць ні з чым.
“У першую чаргу ўролаг выпісвае рэцэпты. Хаця, калі, напрыклад, быў інфаркт, то кардыёлаг забароніць. Уролаг глядзіць гісторыю хваробы. Калі гіпертонік, тады, зразумела, будуць супрацьпаказанні і гэты прэпарат не рэкамендуюць”, – тлумачаць фармацэўты.
У Дзяржаўным уралагічным цэнтры Еўрарадыё тлумачаць, што справа з рэцэптамі на “Віагру” больш складаная:
“Для пачатку трэба прыйсці на кансультацыю да ўрача-андролага і, зыходзячы са скаргаў пацыента, з вынікаў абследавання, якія пацвердзяць той альбо іншы дыягназ, будзе рэкамендаваны той альбо іншы прэпарат. У групы прэпаратаў, якія накіраваныя на павышэнне эрэкцыі, ва ўсіх адзін пабочны эфект – павышэнне артэрыяльнага ціску”.
Дарэчы, у Беларусі “Віагра” каштуе значна танней чым за мяжой. Напрыклад, у Польшчы яна ўдвая даражэйшая. Кошт прэпарата непасрэдна залежыць ад узроўню жыцця і пакупніцкай здольнасці насельніцтва.