Віцебск, рыхтуйся! На пад'ездзе — "Калядны Драйв"
На фэсце, да арганізацыі якога спрычынілася і Еўрарадыё, выступяць Yellow Brick Road, “Касіяпея” і мясцовыя каманды.
У Віцебск едзе фестываль альтэрнатыўнай музыкі “Калядны драйв”! Мясцовыя аматары рок-н-ролу стануць першымі беларусамі, якія пачуюць канцэртную версію абсалютна свежай пласцінкі “Futuremеntal” ад гурта Yellow Brick Road. Сваю новую працу — альбом “Сердце отдаю детям” прадставіць віцяблянам і мінскі інды-поп калектыў “Касіяпея”.
Да гасцей далучацца таксама віцебскія каманды — “ИО”, “Сны ОпоСсума”, Shuffle Steps і іншыя. Апроч музыкі, наведвальнікаў фэсту чакаюць народныя танцы і спевы з гуртом “Паўночная Сухадроўка”, гульні і конкурсы.
Фестываль “Калядны драйв” адбудзецца пры падтрымцы Еўрарадыё, 34mag.net i “Будзьма Беларусамі!” 24 снежня ў віцебскім клубе “Зебра”. Кошт квіткоў ад 50 да 70 тысяч рублёў. Уладальнікаў народных строяў чакаюць зніжкі на квіткі — усяго 30 тысяч і падарунак у прыдачу. Пачатак у 17.00.
