Віктар Ганчарэнка можа перайсці ў львоўскія “Карпаты”?
Галоўны трэнер футбольнага клуба БАТЭ, нібыта, ужо адсоткаў на 86 дамовіўся з украінцамі.
Перамовы наконт змены працы з Ганчарэнкам вядуць ужо болей за паўгода. Неафіцыйныя крыніцы намякалі на такую магчымасць даўно, адразу пасля сыходу Алега Конанава, былога настаўніка львоўскага клуба. Не так даўно маладым беларускім трэнерам цікавіўся таксама расійскі ЦСКА, аднак цяпер там вакансія трэнера закрытая, таму ў Ганчарэнкі з’яўляюцца новыя падставы ачоліць “Карпаты”, піша gazeta.ua
Праўда, усе кропкі над “і” з запрашэннем Ганчарэнкі яшчэ не расстаўленыя. Беларус даў папярэднюю згоду з магчымасцю адступлення, дэталі і нюансы такога пераходу яшчэ ўдакладняюць.
У ФК БАТЭ сітуацыю ніяк не каментуюць. "Надакучыла ўжо каментаваць...", — сказаў Еўрарадыё прэс-сакратар Сяргей Дашкевіч.