Віктар Лукашэнка выступіў перад сілавікамі
Гэта адбылося 14 чэрвеня на сустрэчы ветэранаў і дзейных супрацоўнікаў беларускіх спецслужбаў.
Яна прысвячалася 15-годдзю з дня правядзення аперацыі па вызваленні закладнікаў у адным з дзіцячых садоў Мінску, перадае БЕЛТА. Памочнік прэзідэнта па нацыянальнай бяспецы і сын кіраўніка краіны Віктар Лукашэнка ці не ўпершыню трапіў у афіцыйныя навінавыя стужкі.
Ён нагадаў, што 15 гадоў таму ў адным з дзіцячых садоў сталіцы тэрарыст захапіў больш за дзесяць дзяцей, а таксама дзвюх выхавальніцаў. Тэрарыст меў пры сабе самаробнае выбуховае прыстасаванне. Дзякуючы суладнымдзеянням супрацоўнікаў розных праваахоўных ведамстваў тэрарыст быў знішчаны, а ніхто з закладнікаў не пацярпеў.
Сустрэча ўдзельнікаў аперацыі была арганізавана БФСТ "Дынама". Арганізацыя перадала дзіцячаму саду спартовы інвентар. Дзейныя і былыя сілавікі, якія вызвалялі закладнікаў, атрымалі памятныя сувеніры.