Віцебск адзначыў 125-годдзе Марка Шагала (фота)
Але ўсенародным гэта свята не зрабілася, бо Віцебск зараз жыве перадусім чаканнем “Славянскага базару”.
Звычыйна дзень народзінаў Марка Шагала адзначаюць у Віцебску два дні — 6 і 7 ліпеня. 6-га — афіцыйная дата ягонага нараджэння, 7-га — згодна з пажаданнем самога мастака. Так патлумачыў “Еўрарадыё” разбежку ў датах віцебскі паэт і шагалазнаўца Давід Сімановіч. Сёлета юбілейныя шагалаўскія імпрэзы расцягнуліся на тры дні — ад 6-га да 8-га ліпеня.
Цэнтральнай падзеяй святкаванняў стала традыцыйная імпрэза “У гасцях у Марка і Бэлы”, якая прайшла 7 ліпеня на панадворку дома-музея Марка Шагала на вуліцы Пакроўскай у Віцебску.
У рамках святкавання ў Віцебскім мастацкім музеі адбылася таксама выстава адной карціны — партрэта Марка Шагала пэндзля Юдэля Пэна (1914). Апошні раз гэта праца настаўніка славутага мастака выстаўлялася ў Віцебску ў 1974 годзе, пасля таго як у 1947-м цэлы шэраг палоцен Пэна быў перададзены ў Дзяржаўны мастацкі музей Беларусі ў Мінск.


