Віцебскія студэнты здымаюць жыллё праз “кастынг”
Гаспадары кватэр аддаюць перавагу дзяўчатам-першакурсніцам і студэнтам медуніверсітэта.
Забеспячэнне студэнтаў пакоямі ў інтэрнатах застаецца галаўным болем віцебскіх ВНУ. Гэтак, напрыклад, ВДУ імя Машэрава мае пяць інтэрнатаў на 1700 месцаў пры 5 тысячах студэнтаў толькі дзённага аддзялення. Летась каля 700 студэнтаў ВДУ былі вымушаны шукаць сабе куток для жылля.
Кошты за арэнду кватэраў ў доларавым пераліку ў Віцебску засталіся амаль такімі ж, як і летась. Арэнда аднапакаёўкі абыдзецца ў 100-120 долараў, плюс аплата камунальных паслуг. Арэндадаўцы згодныя браць са студэнтаў і рублямі, але “па курсе валютчыкаў”. Многія гаспадыні кватэр выстаўляюць дадатковыя ўмовы: “Каб быў малец з медуніверсітэту, а дзевак мне тут не трэба...” — катэгарычна папярэдзіла карэспандэнта Еўрарадыё па тэлефоне адна з бабуль. Некаторыя ж, наадварот, “замаўлялі” толькі дзяўчынак-першакурсніц.
Зрэшты, зараз зняць добрую і танную кватэру ў Віцебску ўжо досыць праблематычна. З больш як паўсотні прапаноў у пятнічным рэкламным выданні вольнымі ў панядзелак заставаліся толькі некалькі кватэраў за 140-150 “умоўных адзінак”.