Ворсін: У мяне пра Крыкунова некалькі іншая інфармацыя
Па словах кіраўніка хакейнай федэрацыі, сярод кандыдатаў на пасаду трэнера ёсць тыя, якія працавалі ў зборнай у якасці асістэнтаў і памочнікаў
Галоўны кандыдат на трэнерскую пасаду хакейнай зборнай Беларусі Уладзімір Крыкуноў заяўляе, што не зможа ўзначаліць нашу каманду. У інтэрв’ю расійскаму выданню “Савецкі спорт” трэнер адзначыў, што “Ак Барс”, у які ён перайшоў працаваць, супраць такога сумяшчэння. Да таго ж сам Крыкуноў лічыць, што, прынамсі, у першы год яму варта сканцэнтравацца на працы ў клубе. Таму ў яго не застаецца выбару. Пракаментаваць заяву Крыкунова Еўрарадыё папрасіла кіраўніка беларускай Федэрацыі хакея Яўгена Ворсіна.
“Ніяк не магу ні абвергнуць, ні пацвердзіць. Я з Крыкуновым размаўляў, таму ў мяне некалькі іншая інфармацыя. Я не хачу каментаваць тое, што напісана ў газеце, – адрэагаваў Ворсін. – У нас у абойме не толькі Крыкуноў. Мы працуем, ёсць кандыдатуры. Вядзецца праца, у тым ліку і з Крыкуновым”.
Ворсін дадае, што не хоча нічога агучваць заўчасна.
“Ёсць і свае кандыдаты, ёсць і расійскія прадстаўнікі, ёсць і з іншых краін. Але перавагу аддаём спецыялістам, якіх мы добра ведаем. Пра замежных спецыялістаў можна шмат пісаць, і самі пра сябе яны пішуць, але мы іх мала ведаем. Сярод кандыдатаў ёсць тыя, якія працавалі ў зборнай. Нехта ў якасці асістэнтаў, нехта ў якасці памочнікаў. Але навошта аб гэтым гаварыць? Потым усе будуць гадаць на кафейнай гушчы. Проста скажу, што працягваецца праца з кандыдатамі на пасаду галоўнага трэнера зборнай”.
Фота: ale.by