З пачатку года беларусаў стала на 3 тысячы меней

Як паведамляе Нацыянальны статыстычны камітэт, у студзені-сакавіку 2013 года ў краіне нарадзілася 28.051 дзіця, што на 1.024 больш, чым у студзені-сакавіку 2012 года, памерла 33.617 чалавек, ці на 840 больш. Натуральныя страты насельніцтва склалі 5.566 чалавек.

У студзені-сакавіку 2013 года ў параўнанні з аналагічным перыядам летась колькасць зарэгістраваных шлюбаў павялічылася на 49,4%, колькасць разводаў паменшылася на 9,5%. За названы перыяд на 1.000 шлюбаў прыпадала 530 разводаў, у студзені-сакавіку 2012 года — 875 разводаў.

Міграцыйны прырост у першыя тры месяцы гэтага года павялічыўся на 45,1% і склаў 2.418 чалавек. Станоўчае сальда міграцыі паменшыла натуральныя страты насельніцтва на 43,4% (у студзені-сакавіку 2012 года — на 29%), інфармуе БелаПАН.