За чатыры месяцы 7,5 тысяч беларусаў аштрафаваныя за піва на вуліцы

За ўвесь мінулы год больш за 24,5 тысяч чалавек было прыцягнута за распіцце піва ў грамадскіх месцах. Намеснік начальніка ўпраўлення прафілактыкі МУС Алег Каразей лічыць, што чым менш п’юць на вуліцах, тым больш бяспечнымі яны становяцца.

“Па выніках мінулага года на 4,5% знізілася колькасць злачынстваў пад уплывам алкаголю, а за першыя чатыры месяцы 2011 года — на 5,3% меней падобных злачынстваў”.

Да красавіка за распіванне піва і слабаалкагольных напояў на вуліцах складзеныя 7,5 тысяч пратаколаў. Больш за ўсё супрацьзаконна ўжываюць у Гродзенскай вобласці: адтуль 1600 аштрафаваных. Нават у Мінску ўдвая меней. Цікава, што ў іншых рэгіёнах на вуліцах за піва ловяць прыкладна аднолькава. То бок гарадзенская міліцыя — самая прынцыповая. Пра гэта кажа і намеснік начальніка ўпраўлення прафілактыкі МУС Алег Каразей. Згодна з яго словамі, ніякіх планаў па штрафах за піва няма:

“Гэта можа казаць аб прынцыповасці гродзенскіх праваахоўнікаў на дадзеным этапе. Ніякіх разнарадак, задач па пратаколах мы не ставім. Калі людзі не ішлі на кантакт, не хацелі спыніць распіцце піва на вуліцы, праваахоўнікі праяўлялі прынцыповасць.”

Еўрарадыё таксама “злавіла” на вуліцы Аляксея, калі той з задавальненнем піў піва, і распытала: няўжо штраф не пужае?

Аляксей: “Калі б ў кавярнях і рэстаранах былі не высокія кошты... А пакуль даводзіцца спадзявацца на разуменне супрацоўнікаў міліцыі. Галоўнае — проста людзям нармальна растлумачыць. Нават калі мы п’ем — і што такога?”

Першы раз за піва на вуліцы можна атрымаць мінімальны штраф — усяго 3,5 тысячы рублёў! На другі раз давядзецца прайсці праз суд: ад 2 да 15 базавых. Тэарэтычна нават можна атрымаць 15 сутак адміністрацыйнага арышту, але пакуль такіх выпадкаў не было, “бо валакіта”. Дарэчы, з пачатку года ўжо 1400 мінчукоў злавілі за півам на вуліцы ў другі раз!

“Піўны” рэйтынг Беларусі (колькасць складзеных пратаколаў у студзені-красавіку 2011 года)

Гродзенская вобласць

1600

Мінск

865

Гомельская

821

Мінская

800

Брэсцкая

754

Віцебская

731

Магілёўская

каля 1000

Фота: bymedia.by