За Кубак Беларусі "Металург" паспрачаецца з "Гомелем"

Вырашальны паядынак адбудзецца 1 верасня на "Мінск-Арэне".

Жлобінскі "Металург" датэрмінова забяспечыў сабе першае месца ў групе I і атрымаў пуцёўку ў фінал яшчэ пасля перадапошняга тура папярэдняй стадыі. Лёс другога фіналіста вырашаўся ў сераду ў Гродне, дзе сышліся мясцовы "Нёман" і "Гомель", перадае БЕЛТА.

"Нёман" выйграваў, і пад канец сустрэчы гамельчукі памянялі брамніка на палявога гульца, каб выратаваць сітуацыю. І за 42 секунды да заканчэння гульні форвард "Гомеля" Аляксей Дзмітрыеў зраўняў лік — 2:2.

Пасля гэтага "Нёман" таксама зняў брамніка, аднак гэта не дапамагло гродзенцам. Авертайм не прынёс поспеху нікому з супернікаў, а ў серыі пасляматчавых булітаў удача пасміхнулася "Гомелю". Гульня скончылася з лікам 2:3 на карысць гамельчукоў.

Фота — ilook.by