За тры месяцы элітны алкаголь падаражэў у тры разы
Увесь гэты час яго не маглі ўвезці ў Беларусь.
26 жніўня Мінгандлю вызначыла імпарцёраў алкагольнай прадукцыі. Але з’явіцца яна толькі праз два тыдні, а можа і праз месяц. І па якіх коштах!
“Спачатку мусілі даваць ліцэнзію на год, пасля далі на першы квартал, на другі нічога не далі, і толькі ў жніўні далі ліцэнзіі да канца года. Цяпер не павінна быць праблем з прадукцыяй”, — распавядаюць Еўрарадыё на брэсцкім прадпрыемстве “Харчтавары”.
З-за таго, што Мінгандлю доўга не магло вызначыць імпарцёраў, узніклі праблемы з пастаўкамі амаль усёй алкагольнай прадукцыі.
Супрацоўнік “Харчтавараў” лічыць, што праз паўтары ці два тыдні імпартны алкаголь нарэшце з’явіцца на паліцах. Пакуль жа крамы вымушаныя прадаваць рэшткі са складоў — як, напрыклад, “Штопар” на вуліцы Чырвонай у Мінску.
“Прадаем тое, што дрэнна прадавалася ў рэгіёнах ці некаторых мінскіх крамах. Але ў бліжэйшыя тыдні два павінны ўсё прывезці. Зараз чакаем грузінскія віны, італьянскія, іспанскія”.
Крамы абяцаюць, што вось-вось алкаголь з’явіцца. Толькі кошты ўжо будуць значна вышэйшыя. Ужо зараз бутэлька віскі Bushnills 0,75 літра прадаецца ў “Штопары” за 548 тысяч рублёў, Macallan такога ж аб’ёму — за 560 тысяч рублёў.
У “Амацісце” на Карла Маркса паўлітровая Metaxa каштуе 181 тысячу рублёў. Тры месяцы таму яе можна было набыць амаль у тры разы танней — за 64 800 рублёў. А ў “Кювэ” бутэлька віскі Johnnie Walker, якая каштавала 240 тысяч рублёў, цяпер прадаецца за 555 тысяч рублёў.
У краме “Букет Малдавіі” за некалькі месяцаў кошты на алкаголь падняліся на 50-60 адсоткаў, праблемы з пастаўкамі закранулі амаль усю прадукцыю.
“Уся імпартная прадукцыя, віны ў першую чаргу. Хутка кошты будуць іншыя. Па-першае, з верасня істотна павялічваецца акцыз. З-за гэтага падымецца кошт”.
З элітных напояў у “Букеце Малдавіі” засталіся толькі джыны і арманьякі. І тое толькі таму, што ў свой час многа завезлі. У краме спадзяюцца на хуткае вырашэнне праблемаў з валютай. Тады цягам верасня алкаголь дакладна з’явіцца, хай сабе і па больш высокіх коштах.
Фота: siwa.ru