Затрымалі двух нацыянал-бальшавікоў

Яны прыйшлі раніцай 9 траўня ў парк 40-годдзя Кастрычніка, дзе кітайскі інвестар плануе пабудаваць гатэльны комплекс “Пекін”. Акцыя была скіраваная таксама супраць вырубкі парка, паведаміў БелаПАН лідар беларускіх нацболаў Яўген Контуш.

На адным з мастоў каля ссечаных дрэваў нацболы вывесілі расцяжку з лозунгам “Што наступнае? Курган Славы?”. Яны таксама расклейвалі ў парку і яго ваколіцах улёткі наступнага зместу: “На гэтым месцы некалі знаходзіўся парк 40-годдзя Кастрычніка: гістарычнае месца Мінска. У гады вайны на гэтым месцы каралі смерцю мінскіх падпольшчыкаў і партызан. 16 ліпеня 1944 года адбыўся парад партызанскіх войскаў пад камандаваннем генерала Чарняхоўскага, удзел у якім прыняло 30.000 партызан Беларусі і 20.000 беларускіх грамадзян. У 1946 годзе адбылося пакаранне смерцю палонных немцаў. Закладзены рукамі работнікаў завода Кастрычніцкай рэвалюцыі ў 1957 годзе. Знішчаны каб дагадзіць кітайскаму капіталу ў 2012 годзе пры непасрэдным удзеле ўраду РБ і Мінгарвыканкаму. Вечная памяць абаронцам Айчыны! Вечная ганьба калабарантам ва ўладных крэслах!”

У часе акцыі затрымалі Дзмітрыя Паліенку і Аляксандра Палякова. Іх даставілі ў Ленінскі РУУС і склалі пратаколы аб адміністратыўным правапарушэнні, пасля чаго адпусцілі.