Затрыманы праваабаронца Уладзімір Лабковіч (абноўлена)
Гэта здарылася сёння каля 13.00 ля гатэлю “Мінск”, пасля акцыі салідарнасці з Алесем Бяляцкім.
Удзельнікі акцыі апоўдні сабраліся каля Галоўпаштамту і раздалі мінакам паштоўкі з віншаваннямі Бяляцкаму. Яны прапаноўвалі людзям падпісаць гэтыя паштоўкі на знак падтрымкі арыштаванага праваабаронцы.
Затым удзельнікі акцыі накіраваліся да СІЗА на Валадарскага, дзе Бяляцкага ўтрымліваюць. Яны праскандавалі словы “З днем народзінаў, Алесь Бяляцкі!” і выпусцілі ў неба колькі дзясяткаў белых і чырвоных балёнікаў.
Пасля гэтага Уладзімір Лабковіч пайшоў у гатэль “Мінск”, дзе ў яго была сустрэча з адвакатам. Ля гатэлю невядомыя ў цывільным схапілі яго, пасадзілі ў машыну без апазнавальных знакаў і павезлі невядома куды, паведамляе БелаПАН.