Журналістам, якія здымалі пахаванне Вайніцкага, пагражалі

Ён быў забіты 6 сакавіка, паліцыя цяпер праводзіць расследаванне злачынства. Большасць блізкіх да Вайніцкага людзей заявілі, што перад смерцю ён скардзіўся на пагрозы і быў амаль у паніцы.

У часе яго пахавання здарыўся яшчэ адзін інцыдэнт — журналісты беларускіх незалежных СМІ, акрэдытаваныя для працы ў Літве, не змаглі рабіць відэа- і фотаздымкі. Выконваць прафесійныя абавязкі ў грамадскім месцы журналістам не далі невядомыя рускамоўныя мужчыны, якія абражалі журналістаў Радыё Свабода і ТВ Белсат з ужываннем нецэнзурных словаў і пагражалі ім фізычнай расправай. Як паведамляе Радыё Свабода, гэтыя людзі паводзілі сябе агрэсіўна і заяўлялі, што “ў іншай краіне з такімі журналістамі яшчэ не так распраўляюцца” і там яны “атрымліваюць ад каго трэба як мае быць”.

Віленскі камісарыят паліцыі зафіксаваў скаргу журналістаў Таццяны Поклад і Здзіславаса Вайцяхоўскіса, грамадзянаў Літвы, акрэдытаваных МЗС ЛР для працы гэтай краіне. Да заявы аб перашкодах і пагрозах журналістам будуць дададзеныя і відэа, і гукавыя запісы невядомых і іх пагрозаў.