Жыхары Бараўлянаў не хочуць сабе ў суседзі хімзавод

Жыхары вёсак Дроздава і Малінаўка Бараўлянскага сельсавета б’юць трывогу. На ўчастку паміж іх населенымі пунктамі, за пару кіламетраў ад Мінска, кампанія СААТ “М-Стандарт” мае пабудаваць завод па вытворчасці хімічных сродкаў. Насельнікі элітных катэджавых пасёлкаў, вядома ж, супраць. Яны куплялі свае ўчасткі за 50–70 тысяч долараў для таго, каб жыць у чыстым месцы, без забруджаных грунтовых водаў.

На заводзе будуць выпускаць ахаладжальную вадкасць для дызельных аўтамабіляў і спецыяльны рэагент. Агульны аб’ём вытворчасці на першым этапе складзе прыблізна па 4 тысячы тон першага і другога прадукту. У атмасферу пры гэтым будзе трапляць 2,8 тоны шкодных выкідаў штогод, паведамляе “Наша Ніва”.

Каналізацыя ў праекце завода адсутнічае, атрымліваецца, што сцёкі пойдуць у глебу. Ёсць рызыка забруджвання грунтовых водаў.

Сёння, 21 красавіка, у Бараўлянах пачынаецца вялікі сход супраць будаўніцтва хімзавода.