Жыхары Гомеля патрабуюць сустрэчы са сваімі дэпутатамі
Пад зваротам у гарсавет падпісалася шэсцьсот жыхароў горада.
Подпісы збіралі актывісты грамадзянскай кампаніі "Наш дом" у Навабеліцкім раёне.
Як паведаміў БелаПАН актывіст Андрэй Аксёнаў, ужо тры месяцы "Наш дом" праводзіць кампанію "Дэпутата - да адказу!". Ён нагадаў, што ў законе аб статусе дэпутата мясцовага савета прапісана норма, згодна з якой дэпутаты два разы ў год абавязаны даваць справаздачу перад выбаршчыкамі. Менавіта гэтага і хочуць усе шэсць соцен падпісантаў. Зараз у кіраўніка гарсавета ёсць месяц, каб прымусіць дэпутатаў сустрэцца з людзьмі.