Зімовая паводка на Брэстчыне — бедства для жыхароў і камунальнікаў
Штодня ў дыспетчарскую камунальнага прадпрыемства "Брэсцкая гарадская ЖКГ" паступае да 20 заявак на адпампоўку вады.
Старшы дыспетчар Алег Рахавецкі наракае, што тэхнікі, якая ёсць у распараджэнні камунальнікаў, не дастаткова, каб выканаць усе заяўкі. Даводзіцца выбіраць паводле сацыяльнай значнасці — дзіцячыя садкі, адзінокіх пенсіянераў.
А жыхарам раёна і разлічваць няма на каго. Як паведаміла "Вечернему Бресту" жыхарка пасёлка Мухавец Раіса Бялюк, дом, дзе яна жыве з дачкой і зяцем, цалкам стаіць у вадзе. У маладой сям'і чацвёра дзяцей, адзін з якіх інвалід.
Яшчэ летась увесну жыхары пасёлка звярталіся ў мясцовы сельвыканкам, але дапамогі ў барацьбе з падтапленнямі так і не дачакаліся.