Зніжэнне гандлёвых надбавак: каўбаса патаннела болей за какос

Еўрарадыё высвятляла, якія тавары патаннелі пасля пастановы Міністэрства гандлю аб паніжэнні надбавак на спажывецкія тавары.

У краме “Славянскі”, што на Партызанскім праспекце ў сталіцы, пасля зніжэння гандлёвай надбаўкі з 20 да 12% патаннела вараная каўбаса. Раней “Доктарская” каштавала 15940 рублёў, цяпер — 14150 рублёў (на 1790 рублёў меней). А “Малочныя” сасіскі вышэйшага гатунку зараз прадаюць па 15030 рублёў за кілаграм замест ранейшых 16100 рублёў.

Надбаўка на сыры і курыцу знізілася з 30 да 22%. Калі раней надбаўка на скумбрыю была 30%, то цяпер — 23%. Але па словах супрацоўніцы крамы, скумбрыя і без надбаўкі прыходзіць дарагая — па 70 тысяч рублёў за кілаграм.

Надбаўка на бананы паменшылася з 30 да 25%, а на макароны, аўсяныя крупы, каву і гарбату так і засталася 30%.

А вось у “Радзівілаўскім” у гандлёвым цэнтры “Сталіца” гарбата патаннела. Ды на колькі! Гарбату з Літвы, што раней каштавала 4120 рублёў, цяпер можна набыць за 3940 рублёў. Патанненне сімвалічнае — 180 рублёў. Прыкладна на столькі ж (110 рублёў) знізіўся і кошт за пачак Tutto naturale — з 4790 да 4680 рублёў.

Больш істотна ў “Радзівілаўскім” патаннелі какосы — на 6%. Калі раней яны каштавалі 14940 рублёў за кілаграм, то цяпер — 14130 рублёў (на 810 рублёў меней).

Патаннелі некаторыя віды сланечнікавага алею. Так, бутэлька Rafini зараз каштуе 6750 рублёў замест ранейшых 7060 рублёў. Не нашмат менш, але ўсё роўна навіна добрая.

Пачак соку “Rio” цяпер можна набыць за 5710 рублёў, хаця яшчэ нядаўна ён каштаваў 5930 рублёў.

Карэспандэнт Еўрарадыё заўважыў, што сок патаннеў і ў “Цэнтральным” ля Кастрычніцкай плошчы. Так, пачак “Exotic”, які нядаўна каштаваў 6190 рублёў, цяпер каштуе 5710. А макаронныя вырабы "Zara", што раней прадаваліся па 15270 рублёў, цяпер каштуюць 14100 рублёў.

Некаторыя крамы кошты не змяншалі. Напрыклад, “Акіян” на вуліцы Казлова не накручваў надбаўкі, калі кошты былі свабоднымі. Таму адаптацыя да новай пастановы Мінгандлю прайшла без праблемаў.

“Ніхто ў мінус не працуе. Сапраўды, непажадана рабіць вельмі вялікія надбаўкі. Зрабілі вялікія кошты, гэта законна. Але, з іншага боку, гэта наш прыбытак, наш заробак і астатняе. Проста паменшыліся аб’ёмы. Зараз замест 12 бляшанак бярэш 6, прадаеш і заказваеш новую партыю”.

У краме “Нацыянальны” на Сурганава кажуць, што страты з-за зніжэння коштаў на асобныя тавары кампенсуюцца большым тавараабарачэннем. А на некаторыя тавары кошты растуць, нават нягледзячы на іх стрымліванне з боку крамаў.

“Кошты растуць не з-за нас, а з-за пастаўшчыкоў. Рэч у тым, што гандаль — гэта апошняе звяно перад пакупніком. Таму заўсёды лічаць вінаватым гандаль. Мы стрымліваем кошты на рыбатавары, таму што на іх і так астранамічныя кошты. Мы трымаем старую надбаўку, а яны ўсё адно даражэюць.”

Супрацоўнікі крамаў кажуць, што пасля аналізу чэрвеньскіх продажаў стане зразумела, якіх коштаў прытрымлівацца. А пакуль кампенсаваць выдаткі даводзіцца не завышанымі цэннікамі, а большым тавараабарачэннем.

Фота: intex-press.by