“Званіце туды, не ведаю куды”

На мінулым тыдні мэр Мінска Мікалай Ладуцька голасна заявіў, што ў сталіцы не месца крамам з пустымі паліцамі. І паабяцаў звальняць дырэктараў тых крам, дзе тавараў ўсё ж не хопіць. Сказаў – зрабіў. Ужо праз некалькі дзён агенцтва БелТА адрапартавала аб звальненні сямі дырэктараў. Еўрарадыё паспрабавала высветліць, якія крамы засталіся без кіраўніцтва і чаму. Аказалася, што гэта зусім не проста.


Ва ўпраўленні спажывецкага рынку Мінгарвыканкама, якое распаўсюдзіла інфармацыю аб звальненні дырэктараў, адмаўляюцца расказаць падрабязнасці справы.


“А! Вас, напэўна, цікавіць, хто быў звольнены і навошта? Так? Чамусьці, гэта цікавіць усіх. Я вам не магу расказаць, бо не ведаю. Вы пазваніце лепш вось па гэтым нумары”, – такім чынам развівалася размова карэспандэнта Еўрарадыё з прыёмнай Упраўлення.


Наступны нумар адказаў яшчэ менш інфарматыўна і больш сурова: “Вы, напэўна, хочаце ведаць імёны і прычыны? Званіце ў аддзел кадраў”.


Не праблема, можна пазваніць і туды. Чаго не зробіш дзеля праўды. Аднак размова з супрацоўніцай аддзела кадраў пасеяла вялікія сумневы ў існаванні “цудоўнай сямёркі” звольненых дырэктараў, якія не ўсачылі за напаўняльнасцю паліцаў сваіх крамаў.


“Вам трэба перазваніць не ведаю куды. І не ведаю, куды вас накіраваць. Я не ўпаўнаважаная даваць такую інфармацыю. Хто вам сказаў мне званіць? Без рашэння кіраўніка нашага Упраўлення, Валянціна Іванавіча, гэтай інфармацыі мы даць не можам”, – заявіла прыемным голасам супрацоўніца аддзела кадраў. І дала нумар Валянціна Байдака, які кіруе Упраўленнем спажывецкага рынку. На тым канцы трубкі адказала прыёмная Упраўлення. Даведаўшыся, што размаўляюць з журналістам, адразу скіравалі яго па новым коле. Зноў у аддзел кадраў.


Вэлюм таямнічасці, якім ахутаныя імёны апальных дырэктараў, здзіўляе. Асабліва калі ўлічыць, што беларускія чыноўнікі вышэйшага рангу вельмі любяць ладзіць паказальныя разборкі са сваімі падначаленымі. Гэта здзіўляе нават больш, чым тое, што з 3481 мінскай крамы пустыя прылаўкі правяраючыя знайшлі толькі ў сямі.

Фота: naim.ru