Рэзалюцыя Еўрапарламента — сімвалічная акцыя

Так ацаніў дакумент, прыняты еўрапарламентарамі па Беларусі, палітолаг Юры Шаўцоў. На яго думку, да нейкіх істотных зрухаў у мііжнароднай палітыцы рэзалюцыя не прывядзе.  Было б горш, калі б за аснову дакумента быў прыняты больш жорсткі ліст шасці амерыканскіх сенатараў, мяркуе аналітык. Пакуль жа Еўрасаюз у адносінах з Белларуссю імкнецца не адыходзіць ад падзелу роляў з ЗША: ЕС — добры паліцыянт, ЗША — злы.

На думку Шаўцова, для Еўропы канфлікт з Беларуссю непажаданы, бо яго шмат якія краіны проста не хочуць. Найперш гэта краіны — суседзі Беларусі. Што праўда, пазіцыя Польшчы зараз стала больш жорсткай, але не настолькі, каб патрабаваць эканамічных санкцый.

Гаворачы пра меры ў адказ, які паабяцаў прыняць Аляксандр Лукашэнка, эксперт адзначыў, што гэта могуць быць толькі асіметрычныя захады. Забарона еўрачыноўнікам на ўезд у Беларусь — нічога не дасць. А вось пашырэнне сувязяў з Кітаем ці Расіяй стане сур'ёзным крокам, лічыць Шаўцоў. Як адзін з варыянтаў палітычнага адказу Еўрасаюзу ён назваў сённяшнія перамовы беларускага і расійскага прэм'ераў пра стварэнне сумесных прадпрыемстваў.