Род Сцюарт аспрэчыў уз'яднанне The Faces

Род Сцюарт аспрэчыў дадзеныя пра тое, што яго былы гурт The Faces плануе ў 2009 годзе адправіцца ў тур і выпусціць новы альбом. Прадстаўнікі спевака заявілі выданням Billboard і Rolling Stone, што рэюніён калектыва сёлета не адбудзецца. Таксама не адпавядае рэчаіснасці названая інфармацыя пра тое, што Сцюарт і гітарыст Роні Вуд нібыта стварылі і запісалі першы за 35 гадоў альбом The Faces. Удзельнік The Rolling Stones сапраўды працуе над новым сольным матэрыялам, але Сцюарт у ім не бярэ ніякага ўдзелу.

Паміж тым прадстаўнікі бас-гітарыста Red Hot Chili Peppers Флі (сапраўднае імя – Майкл Балзары) заявілі рэсурсу MusicRadar, што музыка нічога не ведае пра сваё "прызначэнне" у The Faces у якасці замены нябожчыка Роні Лэйна.

Аб адраджэнні The Faces Сцюарт і Вуд абвясцілі яшчэ летась, але пра пэўныя планы на будучыню не распавядалі. У прэсе прасочвалася інфармацыя аб туры і альбоме, але ў выніку ўсё гэта было аспрэчана. Зрэшты, выданне Undercover лічыць, што адзін або два канцэрты The Faces у 2009 годзе яшчэ могуць адбыцца, паколькі музыкі афіцыйна не абяцалі сваім прыхільнікам поўнамаштабнага тура.

The Faces, створаныя з удзельнікаў гуртоў Small Faces і The Jeff Beck Group, праіснавалі з 1969 па 1975 гады, выпусціўшы чатыры студыйных і адзін канцэртны альбом.

Фота: www.showbusiness.actualno.com