Родныя атрымалі другі ліст ад Алеся Кіркевіча

Пра гэта паведамляе прэс-служба Маладога Фронту.

Намеснік старшыні "Маладога фронту" Алесь Кіркевіч з Гродна піша, што ўмовы "тут прымальныя, ёсць час падумаць пра жыццё, акрэсліць пэўныя творчыя задумы і перспектывы. Задумы маю ў плане журналістыкі, краязнаўства, літаратуры…"

У лістах Алесь піша, што "дзякуе Богу за тое, што апынуўся тут. Ёсць час падумаць над той справай, якой займаюся, нешта пераасэнсаваць… (прыватныя моманты)".

"У мяне ўсё добра, гэта проста этап у маім жыцці, гэта частка майго шляху. Настрой пазітыўны, здароўе нармальнае, калі не сказаць выдатнае".

Алесь просіць прабачання, што прымушае турбавацца за сябе родных.

Таксама просіць "не захапляцца" колькасцю рэчаў, якія яму перадаюць, — "толькі самае неабходнае, бо нязручна пераносіць (напрыклад, з камеры ў камеру)".

У другім лісце быў дасланы верш "Для Надзеі", прысвечаны жонцы.

Ты бяжыш восеньскім лесам.
Даганяюць лісты алею.
Елкам мроіцца лёд і завеі,
Пекла чорнае мроіцца бесам.

Гром з маланкай на твары знікаюць,
Неба твар да цябе схіліла,
Лісця жоўтага ў кубак наліла,
Я за гэта сёння не каюсь.

Ты стаіш над ракою часу,
Йдуць часы, вечары, гадзіны…
Быў. Ёсць. Будзе толькі Адзіным
Той, хто гладзіць палеткі прасам.

Помніш ты наш пагорак над Нёмнам
Дзе гармонія шэрага й чыстага?
Праз гады і віхуры ён выстаяў
Выстаяў — і мы выстаім!